Буква Б

Баркоўскі Дунін Альфонс

Беларускі жывапісец пінскага паходжання Баркоўскі Дунін нарадзіўся 20 кастрычніка 1850 г. у маёнтку Плянта. На жаль, няма звестак пра дзіцячыя і юнацкія гады Баркоўскага. Але вядома, што сваю мастацкую адукацыю ён атрымаў у Варшаўскай рысавальнай школе (1876-1879) і Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1879-1887). Адначасова з 1882 г. Баркоўскі працаваў у майстэрні Яна Матэйкі. Наш зямляк удзельнічаў у многіх выставах Варшаўскага і Кракаўскага таварыстваў прыгожых мастацтваў. З 1888 г. Баркоўскі жыў на Піншчыне, маляваў батальныя і паляўнічыя сюжэты, стварыў шэраг пейзажаў. З 1896 г. Баркоўскі Дунін Альфонс працаваў у вёсцы Быкавізна Віленскай губерні. Тут ён пісаў партрэты і абразы для пахавальні сям’і Козел-Панятоўскіх. Праз два гады мастак пераехаў у маёнтак Свілы (сёння Воранаўскі раён), потым у пасёлак Бікбарда каля Урала. Тут ён напісаў карціны “Паляванне на мядзведзя” і “Лоўля рыбы восцямі”. Дунін Альфонс таксама вядомы і як аўтар жанрава-бытавых карцін. Гэта карціны “Каля вадапою” (1887) і “Хворая жонка” (1893). Не абмінуў наш зямляк і гістарычную тэматыку, якая адлюстравана ў творах “Мыта на Беларусі” (1899), “Бітва пад Чуднавам”. Баркоўскі Дунін Альфонс памёр у 1905 г.

Аб жыцці і творчасці Баркоўскага Дуніна Альфонса

  1. Баркоўскі Дунін Альфонс / М. М. Яніцкая // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1996. — Т. 2. — С. 309.
  2. Баркоўскі Дунін Альфонс / М. М. Яніцкая // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1993. — Т. 1. — С. 308.
  3. Баркоўскі Дунін Альфонс / М. Самуйлік // Памяць. Пінскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск : БЕЛТА, 2003. —  С. 118.
  4. Альфонс Дунін-Баркоўскі // Вікіпедыя : вольная энцыклапедыя [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/Альфонс_Дунін-Баркоўскі . — Дата доступу: 16.01.2018.

[свернуть]

Бароўскі Лявон

Літаратуразнавец, перакладчык і публіцыст Лявон Бароўскі нарадзіўся на Піншчыне 24 чэрвеня 1784 г. Сярэднюю адукацыю Лявон атрымаў у Пастаўскай школе. Потым ён вучыўся ў Віленскім універсітэце. У 1803 г. Бароўскі атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофіі, працаваў сакратаром, бухгалтарам універсітэта (1801-1807). У 1807-1811 гг. працаваў настаўнікам рыторыкі і паэтыкі Свіслацкай, а пазней і Віленскай гімназіі. З 1814 г. Лявон Бароўскі выкладаў літаратуразнаўства і красамоўства ў Віленскім універсітэце Там атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі (1816), званне экстраардынарнага (1821), ардынарнага (1823) прафесара. Доўгі час наш зямляк быў цэнзарам польскіх выданняў у Вільні. Пасля закрыцця універсітэта (1831), Бароўскі стаў прафесарам гісторыі літаратуры і гамілетыкі (навукі пра асновы прапаведніцкага мастацтва) Віленскай духоўнай акадэміі (1832—1842). У маладыя гады Лявон быў членам таварыства шубраўцаў, а потым уступіў у масонскую ложу. Сучаснікі характарызавалі Лявона Бароўскага як паслядоўніка памяркоўнай асветніцкай ідэалогіі, праціўніка фанатызму і забабонаў. Як і ўсе віленскія масоны, ён верыў у свабоду і роўнасць усіх людзей. Быў бліскучым лектарам, аўтарам шэрагу работ па педагогіцы. Пераклаў на польскую мову камедыі Мальера “Скупы” і “Жанчыны-філосафы”, фрагменты з твораў У. Шэкспіра, Дж. Мільтана і Дж. Байрана; выдаў паэму І. Красіцкага “Манахамахія” са сваімі навуковымі каментарыямі. У 1815—1826 гг. Бароўскі супрацоўнічаў у часопісе “Віленскі веснік”. Ён з’яўляецца аўтарам падручніка “Рыторыка ў пытаннях і адказах для павятовых школ” (Вільня, 1824), біяграфіі Э. Славацкага. Таленавітыя вучні Лявона Бароўскага Э. Славацкі, А. Міцкевіч, сталі заснавальнікамі беларускага і польскага рамантызму. Прадстаўнікі ранняга беларускага рамантызму — Ян Чачот, Ян Баршчэўскі і іншыя таксама многаму навучыліся ў Лявона Бароўскага. Памёр выдатны педагог 4 красавіка 1846 г.

Аб жыцці і дзейнасці Бароўскага Лявона

  1. Боровский (Borowski) Леон / Л. Н. Горелик // Республика Беларусь : энциклопедия. — Минск, 2006. — Т. 2. — С. 473.
  2. Бароўскі (Borowski) Леан / А. В. Мальдзіс // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1996. — Т. 2. — С. 316—317.
  3. Бароўскі Лявон / П. Р. Казлоўскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. — Мінск, 1970. — Т. ІІ. — С. 155.
  4. Боровский Леон : вучоныя – ураджэнцы Піншчыны // Ученые Пинщины / авторы-составители: И. А. Кибак, П. Н. Синкевич, В. В. Василевицкий. — Пинск : Пинская региональная типография, 2012. — С. 16.
  5. Злобин, Э. А. Педагоги, родившиеся на Пинщине : [в том числе информация и о Леоне Боровском] / Э. А. Злобин // Учитель вечен на земле Полесской / автор-составитель И. А. Кибак. — Минск : Тонпик, 2005. — С. 182—200.
  6. Бароўскі Леан : дзеячы культуры, навукі і рэлігіі, якія нарадзіліся на Піншчыне // На ладонях Припяти и Пины : литературный альманах / автор-составитель И. А. Кибак. — Минск : Тонпик, 2004. — С. 7.
  7. Бароўскі Лявон / М. Самуйлік // Памяць. Пінскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск : БЕЛТА, 2003. — С. 118—119.
  8. Настаўнік Адама Міцкевіча : [пра Лявона Бароўскага] / М. Саўчанка // Памяць. Пінск : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 149.
  9. Бароўскі Лявон, 27.6.1784–4.4.1846 / У. М. Конан // Мысліцелі і асветнікі Беларусі, Х – ХІХ стагоддзі : энцыклапедычны даведнік. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995. — С. 364—366.
  10. Локун, В. И. Пинщина литературная : [литературно-критическая статья ; упоминается в том числе и Л. Боровский] / Валентина Локун // Нёман. — 2007. — № 8. — С. 139—154.
  11. Лявон Бароўскі // Вікіпедыя : вольная энцыклапедыя [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/лявон_Бароўскі . — Дата доступу: 16.01.2018.
    [свернуть]

Барэйша Антон Сцяпанавіч

Наш зямляк народаволец нарадзіўся ў 1858 г. у сялянскай сям’і на хутары Любель-Поль (Любаполь) Пінскага павета. Антон Барэйша вучыўся ў Пінскай гімназіі. Калі Антон Барэйша вучыўся ў Беластоцкім рэальным вучылішчы, ён уваходзіў у склад нелегальнага вучнёўскага гуртка, арганізаванага І. Я. Грынявіцкім. Потым паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, але з 2-га курса пакінуў яго з намерам стаць студэнтам Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі (сёння Ціміразеўская). Мара засталася няздзейснай. У 1879 г. юнак выехаў у вёску Бацішчава ў памесце рускага вучонага-аграхіміка і публіцыста А. М. Энгельгарта і тут пачаў вывучаць сельс­кую гаспадарку. У памесці А. С. Барэйша пазнаёміўся і зблізіўся з рэвалюцыйна настроенай моладдзю, і ў 1880 г. вярнуўся ў Пецярбург. У горадзе на Няве ён сустрэўся са студэнтам тэхналагічнага інстытута, таварышам па Беластоцкім вучылішчы, Ігнатам Грынявіцкім, тым Грынявіцкім, які ажыццявіў пакушэнне на цара. Пад уплывам Грынявіцкага Барэйша далучыўся да нарадавольніцкага руху. Члены “Народнай волі” хутка ўбачылі ў ім добрага арганізатара, таленавітага прапагандыста. Кіраваў раённымі аддзяленнямі “Народнай волі” за Нарвенскай заставай. Барацьбе за народную справу, у якую цвёрда верыў, Антон Сцяпанавіч вырашыў прысвяціць сваё жыццё. У канцы мая 1880 г. у Пецярбургу на Троіцкай вуліцы ў доме № 17 выканаўчы камітэт “Народнай волі” арганізаваў друкарню і пачаў выданне “Рабочей газеты”. А. С. Барэйша быў і карэспандэнтам, і яе друкаром. Друкаваць газету прыходзілася з рэвальверам у кішэні. Антон Сцяпанавіч пазнаёміўся з “сліўкамі” рэвалюцыйнага свету — членамі выканаўчага камітэта Міхаілам Грачэўскім, Рыгорам Ісаевым, Пятром Талалавым, Марцінам Лангенсонам, Андрэем Жалябавым, Сафіяй Пятроўскай і іншымі выдатнымі нарадавольцамі. 3 друкарні “Рабочей газеты” Барэйша па прапанове Рыгора Ісаева перайшоў у друкарню “Народнай волі”, якая знаходзілася на Падольскай вуліцы. Барэйша праводзіў рэвалюцыйную прапаганду сярод рабочых Масквы і сялян Пінскага павета. 15 снежня 1881 г. паліцыі ўдалося арыштаваць аднаго з членаў выканаўчага камітэта “Народнай волі” таварыша Анто­на Сцяпанавіча. Праз два дні быў узяты пад стражу і Барэйша, які хаваўся пад імем Аляксея Мікалаевіча. Пры вобыску ў яго былі знойдзены экземпляры “Рабочей газеты”, рукапіс артыкула “Эксплуатацыя рабочых на Балтыйскім заводзе”. У час следства Антон Барэйша даў праўдзівыя паказанні. Але пазней даводзіў, што напісаў іх пад дыктоўку пракурора, знаходзячыся пад псіхалагічным націскам. У сакавіку 1883 г. наш зямляк паўстаў перад судом урадавага сената “на працэсе 17-і народавольцаў” і быў прыгавораны да пятнаццаці гадоў ссылкі ў Якуцію з далейшым пажыццёвым пасяленнем ў Сібіры. Тут ён ужо ў пажылым узросце даведаўся аб здзяйсненні сваёй самай запаветнай мары, аб перамозе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Памер рэвалюцыянер-народаволец у г. Кірэнск (сёння Іркуцкая вобл. у Расійскай Федэрацыі).

Аб жыцці і рэвалюцыйнай дзейнасці Антона Барэйшы

  1. Барэйша Антон Сцяпанавіч / М. Б. Ласінскі, В. М. Чарапіца  // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1993. —  Т. 1. — С. 327.
  2. Барэйша Антон Сцяпанавіч / А. К. Лявонава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1996. — Т. 2. — С. 336.
  3. Барэйша Антон Сцяпанавіч / Я. І. Карнейчык // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. — Мінск, 1970. — Т. ІІ. — С. 172.
  4. Борейшо Антон Степанович // Биографический справочник — Мінск : Белорусская советская энциклопедия имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 73. — 737 с.
  5. Барэйша Антон Сцяпанавіч / М. Самуйлік // Памяць. Пінскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. — Мінск : БЕЛТА, 2003. —  С. 119—120.
  6. Вязень Петрапаўлаўскай крэпасці : [пра А. С. Барэйшу] / С. Шапіра // Памяць. Пінск : гісторыка-дакументальная  хроніка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — С. 152.
  7. Антон Сцяпанавіч Барэйша // Вікіпедыя : вольная энцыклапедыя [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/Антон_Сцяпанавіч_Барэйша . — Дата доступу: 16.01.2018. 
    [свернуть]

Брэтцар Якуб

Беларускі жывапісец Якуб Брэтцар нарадзіўся 23 ліпеня 1690 г. у Пінску. Ён зрабіў размалёўку інтэр’ера касцёла езуітаў у Слуцку (1715-1717 гг., не захавалася), капліцы ў Полацку (1717-1721 гг.), стварыў абразы “Распяцце”, “Маці Божая”, шэраг партрэтаў. У 1721-1722 гг. Якуб выканаў у Мінскім кафедральным касцёле св. Станіслава паліхромную размалёўку ў сакрысціях і алтар Маці Божай. У 1731-1732 гг. у Віцебску Брэтцар размаляваў карнізы і капітэлі ў езуіцкім касцёле, якія, на жаль, не захаваліся. Таксама Якуб напісаў абразы св. Андрэя Баболі і св. Тадэвуша. З 1732 г. жывапісец працаваў у Нясвіжы і Пінску. На жаль, няма звестак аб працах Брэтцара ў касцёлах і царквах Пінска. Памёр жывапісец у маладым узросце, у сорак тры гады, 11 жніўня 1733 г.

Аб жыцці і творчасці Брэтцара Якуба:

  1. Брэтцар (Брэцар) Якуб / Ігар Марзалюк // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. — Мінск, 2010. — Т. 3: Дадатак. — С. 85.
  2. Брэтцар Якуб / Е. А. Лявонава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1996. — Т. 3. — С. 302.
  3. Брэтцар Якуб : дзеячы культуры, навукі і рэлігіі, якія нарадзіліся на Піншчыне // На ладонях Припяти и Пины : литературный альманах / автор-составитель. И. А. Кибак. — Минск : Тонпик, 2004. — С. 7.
  4. Брэтцар (Брэцар) Якуб / Валерый Пазднякоў  // Вялікае Княства Літоўскае : электронная энцыклапедыя [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://vkl.by/articles/349 . — Дата доступу: 16.01.2018.
  5. Брэтцар (Брэтзер) Якуб, 1690—1733 : мастакі ХІІІ стагоддзя // Наследие Слуцкого края : сайт увлеченных историей Случчины [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://nasledie-sluck.by/ru/sluchina/114/213/215/ . — Дата доступу: 16.01.2018.

[свернуть]

 

Share Button

Добавить комментарий